Перайсці да зместу

Клаўдзій Сцяпанавіч Дуж-Душэўскі

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Клаўдзій Сцяпанавіч Дуж-Душэўскі
Клаўдзій Дуж-Душэўскі, 1920-я гг.
Клаўдзій Дуж-Душэўскі, 1920-я гг.
Род дзейнасці журналіст, дыпламат, архітэктар, палітык
Дата нараджэння 27 сакавіка (8 красавіка) 1891
Месца нараджэння
Дата смерці 25 лютага 1959(1959-02-25) (67 гадоў)
Месца смерці
Месца пахавання
Грамадзянства
Месца працы
Альма-матар
Партыя
Член у
Узнагароды і прэміі
Life Saving Cross
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы
Лагатып Вікікрыніц Творы ў Вікікрыніцах

Клаўдзій Сцяпанавіч Дуж-Душэўскі (27 сакавіка 1891[1], Глыбокае Дзісенскага павета Віленскай губерні, цяпер Віцебская вобласць — 25 лютага 1959, Вільнюс; псеўданім і крыптанім: К. Душ; К. Д.;) — беларускі палітычны дзеяч, дыпламат, рэдактар, педагог. Лічыцца аўтарам эскіза сучаснага бела-чырвона-белага сцяга.

Па матчынай лініі паходзіў са шляхты Полацкага павета. Прадзед Урублеўскі загінуў у паўстанні 1831 года, дзед у паўстанні 1863—1864 гадоў. Маці першыя гады жыцця правяла ў віленскай турме на Антокалі.

Бацька быў селянінам і валодаў шасцю дзесяцінамі зямлі, але асноўным заробкам Сцяпана Душэўскага і яго брата было будаўніцтва. Клаўдзій з дзяцінства дапамагаў бацьку з дзядзькам, а з пачаткам атрымання адукацыі займаўся чарчэннем, і нават складаў каштарысы дамоў, касцёла, будаўніцтва шашы і масткоў. У старэйшых класах ужо сам кіраваў невялікімі будаўнічымі працамі, пад наглядам бацькі складаў іх праекты[2].

Клаўдзій Дуж-Душэўскі, студэнт Пецярбургскага горнага інстытута ў 1912 годзе

У 1912 годзе скончыў Віленскае рэальнае вучылішча, дзе далучыўся да беларускага руху. Іграў Крыніцкага ў «Паўлінцы» Я. Купалы. У 1912—1918 гадах вучыўся ў Пецярбургскім горным інстытуце. Адзін з актывістаў Беларускага навукова-літаратурнага гуртка студэнтаў Пецярбургскага ўніверсітэта. Удзельнічаў у выданні часопіса «Раніца». Паводле яго сведчання, стварыў эскіз беларускага нацыянальнага сцяга. У 1917 годзе ўступіў у Беларускую сацыялістычную грамаду (БСГ), у чэрвені — кастрычніку 1917 член яе ЦК і прэзідыума. Удзельнік З’езда беларускіх нацыянальных арганізацый (сакавік 1917 г., Мінск), Усерасійскай дэмакратычнай нарады[en] (верасень 1917 г., Петраград).

У 1918 годзе працаваў загадчыкам бежанскага аддзела Белнацкама. Пасля распаду БСГ (лета 1918) у Беларускай партыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў. З лістапада 1918 года з’яўляўся сябрам Віленскай беларускай рады. Па словах Дуж-Душэўскага, ён павінен быў стаць міністрам беларускіх спраў пры літоўскім урадзе, аднак праз асабістыя меркаванні адмовіўся і прапанаваў кандыдатуру Я. Варонкі[3]. З красавіка 1919 у Вільні: член Беларускага нацыянальнага камітэта, старшыня Цэнтральнай беларускай рады Віленшчыны і Гродзеншчыны (май — ліпень 1919), узначальваў камітэт Беларускага таварыства дапамогі пацярпелым ад вайны, адзін з ініцыятараў стварэння Беларускай вайсковай камісіі. Восенню 1919 — дыпламатычны прадстаўнік урада БНР у дзяржавах Балтыі, дзяржаўны сакратар ва ўрадзе В. Ластоўскага. Выкладаў у Віленскай беларускай гімназіі і на беларускіх настаўніцкіх курсах. У пачатку 1921 арыштаваны польскімі ўладамі. Вызвалены 7 лютага 1921 года; эміграваў у Літоўскую рэспубліку, жыў у Коўне. У 1920—1930-я г. працаваў у міністэрствах беларускіх спраў, замежных спраў, сувязі Літвы, адзін з кіраўнікоў Беларускага цэнтра ў Літве, Літоўска-Беларускага таварыства. У 1927 ён скончыў факультэт будаўніцтва Літоўскага ўніверстітэта ў Каўнасе (факультэт быў аддзелены і ператвораны ў Каўнаскі тэхналагічны ўніверсітэт), атрымаўшы спецыяльнасць інжынера-будаўніка, пасля чаго працаваў інжынерам у праектным бюро Дубянецкага.

Выдаваў і рэдагаваў часопісы «Беларускі сцяг» (1922), «Крывіч» (1923—26), «Беларускі асяродак» (з 1933). Апрацаваў разам з В. Ластоўскім, Т. Іваноўскім лацінска-руска-беларускі слоўнік па арніталогіі. Перакладаў на беларускую мову падручнікі для сярэдніх школ.

Арыштаваны савецкімі ўладамі 2 ліпеня 1940 года. Следства скончылася ў чэрвені 1941 года. Было складзена абвінавачвальнае заключэнне ў актыўнай падтрымцы нацыяналістычнай і контррэвалюцыйнай дзейнасці, а таксама сувязях з польскай разведкай. Прызнаў свой удзел у беларускім нацыянальным руху, аднак адмаўляў супрацоўніцтва з польскай разведкаю і антысавецкую дзейнасць. Праз пачатак вайны Душэўскага не паспелі асудзіць. Быў вызвалены з турмы пасля захопу немцамі Коўна.

Пры немцах працаваў на заводзе гумавых вырабаў «Інкарас» на пасадзе інжынера. У канцы 1941 года ў Вільні Клаўдзій Душэўскі сустракаўся з Вацлавам Іваноўскім, які прапанаваў яму пасаду намесніка бурмістра Мінска. Душэўскі не пагадзіўся, а восенню 1942 года зноў адмовіўся ад прапановы. У жніўні 1943 года арыштаваны нямецкімі ўладамі разам з жонкай за ўкрыццё яўрэяў і адпраўлены ў канцэнтрацыйны лагер у Правянішках[pl][4]. Дзякуючы заступніцтву сяброў і як спецыяліст-інжынер вызвалены праз чатыры месяцы, пасля чаго працаваў у тарфяным трэсце да снежня 1944 года на пасадзе інжынера-будаўніка. Акрамя ўласных дзяцей, разам з жонкаю выхоўваў дваіх дзяцей-сірот Антона Луцкевіча[5].

У 1944—1946 гадах — дацэнт Каўнаскага ўніверсітэта, на будаўнічым факультэце атрымаў пасаду загадчыка кафедры гісторыі архітэктуры.

У снежні 1946 — маі 1947 пад следствам у Вільнюсе. «Праз недастатковасць сабраных доказаў для перадачы ў суд» яго справа была спынена, а ён сам вызвалены з-пад варты. Вызваленню садзейнічала заступніцтва прафесараў Жэмайціса і Іонімаса, якія ахарактарызавалі Душэўскага як «савецкага чалавека». Пасля вызвалення працаваў галоўным інжынерам праектаў Інстытута праектавання пры Савеце Міністраў Літоўскай ССР.

Зноў арыштаваны ў лютым 1952 года. Асуджаны на 25 гадоў зняволення як беларускі нацыяналіст з адбыццём пакарання ў выпраўленча-працоўных лагерах з канфіскацыяй маёмасці і пазбаўленнем правоў тэрмінам на пяць гадоў. У 1954 тэрмін зняволення быў скарочаны да дзесяці гадоў, а 16 красавіка 1955 года ён быў датэрмінова вызвалены ў сувязі з пагаршэннем стану здароўя.

Працаваў у інстытуце «Літбудпраект».

Магіла Клаўдзія Дуж-Душэўскага да рэканструкцыі
Магіла Клаўдзія Дуж-Душэўскага пасля рэканструкцыі

Пахаваны ў Каўнасе на Пятрашунскіх могілках.

На просьбу яўрэйскай супольнасці ў Літве, за ратаванне яўрэяў падчас II сусветнай вайны Клаўдзій і Алена Дуж-Душэўскія 13 красавіка 2004 года атрымалі ўзнагароду прэзідэнта Літвы.[6][7]

Бел-чырвона-белы сцяг, аўтарам эскіза лічыцца Дуж-Душэўскі.

На падставе гістарычных сведчанняў і колераў народных строяў і арнаментаў стварыў у свой час эскіз сцяга БНР. У снежні 1917 года ў Мінску падчас Усебеларускага з’езду бела-чырвона-белы сцяг ужо шанаваўся як нацыянальны сімвал Беларусі.

Аўтар дзясяткаў будынкаў у Каўнасе, Панявежысе, Клайпедзе, Шаўляі.

Сярод важнейшых пабудаваных Дуж-Душэўскім будынкаў:

  • кінатэатр «Метрапалітэн» і дом на вуліцы Лайсвес ал. 41 у Каўнасе;
  • дом доктара Пурыцкага па вул. Вайжганта ў Каўнасе;
  • дом грамадзяніна Аўкштуоліса, Аўшрос такас 1 у Каўнасе;
  • дом грамадзяніна Антуліса, па праспекце Вітаўта ў Каўнасе;
  • дом на рагу вуліцы Шаўлю ў Каўнасе;
  • (так у тэксце) дом адваката Пажэла, плошча Венібес-10 у Каўнасе;
  • дом інжынера Рэклайціса у Каўнасе;
  • беконная фабрыка ў Каўнасе;
  • беконная фабрыка ў Панявежысе;
  • мясны халадзільнік у Клайпедзе;
  • фабрыка па апрацоўцы кішак у Каўнасе;
  • свінарнік на 1000 галоў у Каўнасе;
  • будынак пошты ў Расяйней;
  • дамы Жакевічэне і Гарунгшціса, вул. Траку-15 у Каўнасе;
  • будынак пошты і будынак аўтатэлеграфнай станцыі ў Шанчай[8].

Зноскі

  1. НГАБ. Ф. 1781. Воп. 52. Спр. 5. Арк. 542 адв. — 543.
  2. Герасімчык В. КЛАЎДЫЮШ ДУЖ-ДУШЭЎСКІ — АЎТАР БЕЛ-ЧЫРВОНА-БЕЛАГА СЦЯГА
  3. Томаш Блашчак. Беларусы ў Літоўскай Рэспубліцы (1918—1940) пераклад з польскай мовы Андрэя Вашкевіча. — Смаленск, Інбелкульт, 2022. — С. 126. ISBN 978-5-00076-059-8
  4. "Клавдий–строитель". Советская Белоруссия(руск.). Праверана 2018-01-19.
  5. Анатоль Сідарэвіч. Адналюб. belisrael.info (21 сакавіка 2017). Архівавана з першакрыніцы 27 снежня 2017. Праверана 27 снежня 2017.
  6. «Мы заўсёды будзем яму ўдзячныя». Як стваральнік бел-чырвона-белага сьцяга ўратаваў габрэйскую дзяўчынку ад Галакосту
  7. Apdovanotų asmenų duomenų bazė Архівавана 20 ліпеня 2021.
  8. ГРАМАДСКАЯ І ПАЛІТЫЧНАЯ ДЗЕЙНАСЦЬ ДУЖ-ДУШЭЎСКАГА (з яго ўласных паказанняў)
  • Дуж-Душэўскі Клаўдзій Сяпанавіч // Беларуская энцыклапедыя: у 18 т. / рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн., 1998. — Т. 6. — С. 269—270.
  • Луцкевіч Л. Барацьбіт і будаўнік / Л. Луцкевіч // Літаратура і мастацтва. — 1991. — 3 мая. — С. 13.
  • Луцкевіч Л. Заслужыў пашану нашчадкаў / Л. Луцкевіч // Голас Радзімы. — 1991. — 2 мая. — 18. — С. 4-5.
  • Рудовіч С. Белы, чырвоны, белы… // Звязда. 1992, 25 сак.
  • Рудовіч С. Палітык, асветнік, дойлід / С. Рудовіч // Памяць: гісторыка-дакументальная хроніка Глыбоцкага раёна / рэд.: Б. Сачанка і інш. — Мн., 1995. — С. 126—129.